Рассказы – Игровой сезон 2oo4 года |
|
|
|
#206 czyk [вело] |
27 сентября 2oo4 г. в 23:1o |
Трэба сказаць, у мяне былі неспрыяльныя стартавыя ўмовы. Спачатку я хварэў «нейкім вірусам», як сказала знаёмая лекарка, «якім шмат хто цяпер хварэе». Вірус прыканцы роварнага сэзону, калі апошнія дні можна з прыемнасьцю катацца, не ўзьдзеючы трохслойнай апранахі - гэта подла, тым больш што раней гэтая самая лекарка запэўнівала, што з такім здаровым ладам жыцьця ніякая трасца мяне ня возьме. У дактароў прафэсія такая – усіх запэўніваць. У дзень перад Перавозкай я ў першы раз за тыдзень сеў на ровар. Гэтая працэдура і яе наступствы мне спадабаліся настолькі, што я вырашыў паехаць з працы дадому якой-небудзь невядомай дарогай. Асаблівасьці індустрыяльнаяга горадабудаўніцтва выліліся ў 60 км на адомэтры і лёгкі not response у адказных канечнасьцях. Працэс адсыпаньня перарваўся аб адзінаццатай дня Перавозкі. Праз паўгадзіны спрынту ад Ясеніна да Багдановіча я быў на месцы збору. «Ну, цяпер ужо ня буду рвацца, - думаў я, - а проста пакатаюся ў сваё задавальненьне.»
Як аказалася, думка была памылковай. Пачалося ўсё з арганізатара Валодзькі: ён у алімпійскім духу камандаваў: «Чык, падрыхтуйся да старту! ... 5!, 4!, 3!, 2!, 1!!! Старт!»
Я сказаў «Паехалі» і махнуў рукой... Вось толькі паехаў я раней, чым пасьпеў прыдумаць маршрут. КП «Гармата» каля Нацыянальнага музэя, мне здалося, самы блізкі і правільны. Культура прыцягвае.
Да гэтага я ня ўдзельнічаў у ніякіх спаборных мерапрыемствах, ну, можа, вакол школы бегалі, у сэнсе - у полі зроку фізрука бегалі, а за вуглом нясьпешна прагульваліся. Так што гэта не залічваецца. А тут усе панесьліся так, што прага лідарства прачнулася на падсьвядомым узроўні.
«Гармата». Сьпіны канкурэнтаў. «Куды гэта яны?»- «Ну, відаць на Азгура.» - «Дык яна зьлева.» - «Тады на Румянцава.» - «Дык і яна зьлева.» На гэтым мы з судзьдзём вырашылі, што яны паехалі немаведама куды, а значыць у іх быў хітры плян.
Мой плян быў бясхітрасным, і да таго ж, закручаным. Гэта я зразумеў па дарозе на Азгура, узгадваючы месцазнаходжаньне вуліцы Румянцава.
На дарозе бонусная кропка на Кірава і пятнаццаць практычна халяўных хвілін. Патрэбная шыльда вісела за зялёнай засьцерагальнай будаўнічай сеткай і праглядалася толькі з скалочанага праходу для пешаходаў. Прыйшлося кідаць ровар і ўзгадваць добрым словам дасьціпнасьць арганізатараў.
Потым нейкая сіла пацягнула мяне ў адваротны ад Азгура бок, але тут насустрач пранеслася каманда «Кварц», і я хуценька павярнуў на 180. Завярнуў на Пуліхава і ўзгадаў, што ня ведаю, як зь яе трапіць на Азгура. Тут з двара вельмі дарэчы вылецела іншая каманда, і я скіраваўся па сьвежых сьлядах. Вось Азгур, вось судзьдзя, а вось і цяжкае ўсьведамленьне, што Румянцава засталася ў супрацьлеглым ад астатніх кропак пункце, то бок трэба пілаваць назад. Або ня трэба? Каб доўга ня думаць, проста паехаў да дому Янкі Купалы. Вось бы ён папрыкалываўся. І чым хутчэй разганяўся я з горкі Захарава, тым лепей разумеў, што паехаў ня дужа правільна - трэба злазіць з ровара і скакаць па прыступках.
І тут дарогу перагарадзіла будаўнічая агароджа. «Вось засада, - падумаў я, - няўжо прыйдзецца ў аб'езд?» Уфф - збоку сьцежка. Вось і шыльда. Крэмзаю. Зрываюся. Фрунзэ. Зьлева пад'ём, сьпераду парк Горкага, справа праспэкт. А ну іх зьлева і справа. Гайда ў парк Горкага. Хоба. Памылка. Усе адпачываюць, жуюць салодкую вату, дзеці гойсаюць на маленькіх машынках (вось адкуль аўтамабілісты растуць), і праз увесь гэты броўнаўскі рух ледзь пляцешся. Вылятаю на Купалы. Другі раз па той самай вуліцы. У мяне няма шанцаў. Здуру павярнуў на Леніна. Еду і суцяшаю сябе тым, што на Ульянаўскай зацяжная горка, ну яе. На Аранскай каля Чэрвеньскага паскараюся на зялёны. «Ну куды ты заміргаў, сабака?!..» Стаю, чакаю. Выкручваю і станаўлюся на сьветлафоры з Маякоўскага. Масквіч ззаду нярвова бікае. Яму такія круцялі рабіць нельга, яму зайздросна. Купіў бы сабе ровар і езьдзіў бы як чалавек. Маякоўскага, асабліва за Дзянісаўскай, - гонар айчынных сьцёкаўкладчыкаў. Выпадкова наехаў на адзін такі - і ледзь не паляцеў паперадзе ровара. А лётаць па правілах гульні не дазволена. Таму еду пасярэдзіне паласы і паказваю ўсім незадаволеным спалучэньнем пальцаў месца, на якім зьбіраюся фінішаваць. У Лошыцы ўпэўнена кірую да галоўнай сядзібы і ледзь ня кідаюся лічыць вокны, як заўважаю, што дом - восьмы. А дзе дзясяты? А - гэты справа. І сажалка, трэба думаць, ззаду. А вось пра абрыў я ня ведаў. Прытармазіў бы крыху пазьней...
Вельмі ўдала пасаджаны куст бэзу (відаць, арганізатары пастараліся, прыходзіцца ісьці правяраць схаваныя за ім вокны. Запісваю на ўсякае ўсё вакенца на гарышчы. (Аказваецца, яно залічваецца!) І гэта, а што такое флігель?
Еду напрасткі на Сярова і баюся, а што там на полі пасьля восеньскіх дажджоў? Здораўская гразішча перад мастом, які, здаецца, хутка ўвогуле змые. Амэрыканскія горкі. Еду стоячы. Усё роўна весела. Зямля ў пераходзе пад чыгункай засланая слоем бітага шкла. Цікавы дызэйнэрскі ход. Бяру ровар на рукі (і саджу на плечы :-) Па Асаналіева выяжджаю на Кіжаватава. Збочваю ў двары, каб не рабіць круг па Каржанеўскага. Двор заканчваецца горкай і прыступкамі з паралельнай сьцежкай, на якую накіданы камякамі засохлы асфальт. Дрэнная звычка тармазіць пярэднім колам ледзь не запускае мяне ў космас другі раз за гадзіну.
Чаканыя прыемныя краявіды ўздоўж Лошыцкага вадасховішча аказаваюцца пэйзажам з высахлай сьмярдзючай ямінай. Два сустрэчныя сабакі неяк нездарова пасіўна рэагуюць на 25 км/г. Бягун своечасова ўхіляецца. Суцэльныя добрыя навіны. Дваравая дзятва на Аістах кідаецца напераганкі. Даволі пасьпяхова. Зьмена расьце! Пераяжджаю Казінца, пужаю сямейную пэнсіянэрскую пару і лячу па нейкай дарозе, як я думаю, да Белай дачы. Празь некалькі мэтраў бачу гэтую дачу на гары зьлева. Ровар ня возьме. Крыўдую на арганізатараў, што трэба злазіць на ногі, якія між іншым ня надта ахвочыя хадзіць. Разварочваюся і еду назад, побач з прыступкамі сьцежка. Блізка да вяршыні сустракаю Zoom'а. Што за Азгур? Які Азгур? А-а-а - Азгур...Перапісваю шыльду і зрываюся на фініш. Заклапочанасьць твараў пасажыраў на прыпынку перадаецца і мне. Я раптам пачынаю сумнявацца, ці ўсё я праехаў. Дастаю і вывучаю маршрутны ліст. Здаецца, усё файна. Абганяе тралік. З тралікамі праблема. Звычайна ў такіх сытуацыях кіроўцы (часьцей - кіроўчыхі), каля я пачынаю іх даганяць, пачынаюць думаць, што гэта я спэцыяльна зь імі спаборнічаю, і справа іхняга гонару - дагнаць і нэйтралізаваць. Тое здарылася і гэтым разам, таму прыйшлося разагнацца да нездаровай хуткасьці, каб у 27-га не засталося ніякіх шанцаў. Хаця ў яго была нязломная воля да перамогі, і на мосьце на ўніверы Культуры ён мяне абагнаў. Ну а потым я яго за мостам. «Соты» ад спаборніцтва ўхіліўся. З праспэкта выруліў на Валадарскага. Вось і парк. Вось і помнік Міцкевічу. Еду і гадаю, колькі ўжо народу прыехала. Пад'яжджаю - пуста. У сэнсе Міцкевіч ёсьць, а больш нікога няма. «Няўжо ўжо ўсе паразьяжджаліся?» - прыгадваю я правілы Адрыву, дзе ёсьць дэдлайн. На ўсялякі выпадак запісваю час.
Празь дзесяць хвілін хваляваньня прыяжджае судзьдзя. Хваляваньне зьмяняецца іншым пачуцьцём. Гы. Прага лідарства задаволена паліць бабмбук, я высыхаю, пацягваю мінэралку, чакаю астатніх і пляную з тымі, хто ўжо прыехаў, спэцапэрацыі па раварызацыі ўсёй краіны. Думаю, для пачатку трэба адмяніць зіму. Потым можна ўзяцца і за аўтамабілі :-)
|
|
| |
|
|